Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

полая папоўская постаць. Спалоханы настаўнік кумільгам зьлятае з печы і кідаецца з далонямі, падстаўленымі жменькай, атрымаць блаславеньне. Але ацец рэвізор спачатку моліцца на абраз і тады ўжо бласлаўляе настаўніка. Настаўнік цалуе яму ў руку і асьцярожна-асьцярожна, баючыся сьмялей даткнуцца, сьцягваець з яго за рукаў хутру. Дзеці ня ўлучылі ўсхапіца разам, як муштраваў іх загадзя, у сваім часе, настаўнік, і цяпер стараюцца кожны пасвойму паправіць бяду.

— Здрасьця! Здрасьця! Здраствіця! — падпырхіваюць і выкрыківаюць па адным, зьбітыя з роўнавагі няўдачаю і страхам.

— Скворец известен всем… — апалым голасам ірвець свой разгон адзін хлопчык, узьнімаючы галаву ад раптоўнай цішыні.

Калоцяцца дзяціныя калені і тыхаюць сэрцайкі. Ціша…

— Ага, скворец известен всем… добре, добре! — хрыпатым басам кажа ацец благачынны, расчэсваючы вялікім белым грабянцом свае доўгія рыжыя валасы і памужыцку выбіраючы ільдзінкі з рудаватае барады. — Добре, добре… ну, а ты, мой друг, бачыл скворушку? Тебе-то скворушка известен? — тыкаець ён пальцам неўспадзеўкі якраз у нашага беднага Хомачку.

— Первагоднік гэта, ваша высокапрападобія! — забягае наўперад устрывожаны настаўнік і з нянавідасьцю паглядае на Хомку.

Хомка сапіць, пазірае з-пад лобу і пачынае дрыжэць дробнай дрыготкай, як высілены конь у ваглоблях.