Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзяцём цесна, але затое цяплей. Ногі іх баўтаюцца, да парты ім ад лаўкі далёка, „каб вачэй не сьляпілі“, як тлумачыў настаўнік, а меншанькіх дзяцей з-за парты і зусім ня відаць, толькі галоўкі іхныя тырчаць.

Пасьля магутнага настаўніцкага покрыку: „Ці-і-ха“! ад якога ажно мякіна сыплецца скрозь няшчыльную столь з вышак, — школа нямее. Адылі чутно слабенькае, першых дзён вясны, гудзеньне пчалінага вуляка. Троху-патроху яно пераходзіць у тлум, узьнімаецца вышэй, нагадвае гоман на вясельлі, далей вальную зборку ў Лугвенеўскай воласьці і, нарэшце — вялізны кірмаш… Усё вышэй-вышэй, перакідаецца ў выцьцё, пяяньне, скогат самых страшных шалёных. На якія толькі ёсьць тоны і поўтоны, на розныя галасы і мэлёдыі скігочуць, скуголяць і гаркочуць, аж настаўнік усьмяхаецца троху з подзівам: як гэткае вясельле гукаў вылятае з малых грудак кучачкі яго выхаванцаў.

— Га-га-га! Го-го-го! Гі-гі-гі! Б, л, а — бла! В, л, а — вла! Скворец известен всем! Скворец известен!.. Известен всем!.. Всем!..

— Ці-і-іха!

Ізноў зьвіняць пчолы…

Чарцяняты! — дабаўляе ціханька настаўнік і сьмяецца сам сабе.

А на вуліцы грымнулі балабонцы, з раскату астатні раз пісклява прастагналі палазы, і вазок палягчэў, калі з яго выбраўся нечаканы рэвізор, ацец благачынны.

Адчыняюцца дзьверы, лятуць лёгкія камы сьцюдзёнае пары, і ўвальваецца здаравенная, грубая і доўга-