Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зіма, сьцюжа, куты ў будынках покаюць ад лютага марозу. У новенькай, але невялічкай хатцы, аддадзенай па прыгавару грамады пад школу граматы, малюпаценькія шыбы ў маленечкіх вакенцах пазамярзалі на цэлую цалю, ажно маразяны хлоп вісіць. Хата цесьненькая; у ёй — аграмадная і нават пабяляная печ, шырокія палаці над усім полам, дзе часам начуюць, на воку настаўніка, пакінутыя ім за дуронасьць хлапцы. Толькі курчына — бэлька ад печы да супроцьлежнае сьцяны для вешаньня вопратак — толькі яна вынесена. У парозе на калодзе стаіць вядро з вадою; у вадзе іншым разам плаваюць ільдзінкі, што іх прыемна бывае схапіць у рот і смактаць, абпякаючыся холадам: Ля вядра — вялікая драўляная конаўка, пастаўленая пасьля таго, як пабілі настаўнікаў кубак. Вакол вядра, у парозе, дый скрозь — мокра і брудна, нанесена лапцямі і разьліта з вядра.

На печы, у кажуху, высунуўшы на хату з-за коміну галаву, з кніжкаю ў руцэ паварачваецца настаўнік. А за дзьвюмі высокімі партамі, на гэткіх-жа высокіх лаўках, сядзяць у кажушкох, сьвітках і жупанох, з шалікамі на шыі, толькі бяз шапак, вучні — хлапцоў з дваццатак. На асобным канцы, збоку, сядзіць пяць дзяўчынак. Носікі пачырванелі, пара тхнець з роту. Другое аддзяленьне асьцягла плюець на грыфельніцы і шмаруе па іх рукавамі, высалуплівае з натугі языкі, пахіляе і крывіць галовы, цісьне ад стараньня грудзьмі на парты і выводзіць дрыжачыя кіі і крывулі. Першае галосіць па лемантару:

— Б, л, а — бла! в, л, а — вла! г, л, а — гла!

Трэцяе крычыць:

— Скворец известен, всем! Скворец известен всем!