Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сына самы позны работніцкі тэрмін. Калі-б у гэтакую позную пару прывёў-бы свайго хлапца заможны гаспадар з гарнушкам масла ці капою яец, дык і яму бадай адмовіў-бы настаўнік. А Юрка прышоў без нічагутка, і ня канькаў, і не прасіў, а толькі стаяў панура ў школьным парозе. І настаўнік Хомку прыняў. „У часе наезду рэвізора буду выпраўляць яго дамоў, як быццам хворага“, надумаўся настаўнік, з няпрыемнасьцю ўцякаючы ад Юркавых ачэй і маючы на ўспаміне чарту хмельных выбрыкаў дзівака.

Наогул, у іхным родзе ўсе нейкія дзівакі. У вялікай злосьці яны могуць забіць свайго супарата. Дзед Хомкін смаліў жывых парсюкоў!.. Доўга ганяўся ён па двары з даўбнёю і аніяк ня мог уцэліць, каб бэцнуць рухавай сьвінцы за вухам, каб адразу асьвяжылася. А-ткі ён накінуў ёй на шыю пятлю з грубой вяроўкі, выцягнуў бедную, на ўсе галасы сквірчэўшую паланянку на канаплянішча, прыкруціў да каляка, глыбока ўвагнаў каляк даўбнёю ў зямлю — і наваліў на сьвіньню ўсю салому. І запаліў… Сьвіньня страшэнна праразьліва крычэла і рвалася на дыбкі, ёрзала задкам па зямлі, возячы на сабе вялікае вогнішча, урэшце, схапілася зубамі за каляк, як сабака. Дзікі сьвіны плач сабраў на тую камэдзь усё Асмолава. А Хомчын прадзед, як дзейкаюць асмолаўскія бабы, пракляў свайго сына, значыцца; гэтага Хомчынага дзеда, што смаліў жывую сьвінку. І сканаў ён — не пасьпеўшы зьняць праклёну, бо сьмерць яго была неспадзяваная, хмельная: апрогся гарэлкаю на хрэсьбінах, як радзіўся Хомчын бацька. Дзеля таго і ня ручыла ні ў чым усяму яго роду…

Дрэнна вучыцца Хомка…