Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ў цябе хто пытаецца? — гыркае на яго, мужыка, крамнік: — усе вы добрыя!

— Яно й спаміж вашага брата — бываюць гэрцыкі! — не баіцца яго дзед.

— Што? Што ты мне тут лезеш? — падступае з вялікім запалам шырокі той, чорнабароды крамнік…

— Спалохаўся цябе, як кабыла зайца! — зьняважліва жартуе дзед і дадае: — Перш самога-б цябе патрасьці, каб цябе лысыя трэсьлі…

Крамнік плюецца і выходзіць. Возьнікі рагочуць.

— А дай-ка, Пэся, яшчэ сотку, на дарогу пагрэцца, — просіць бацька і ўкрадня паглядае на хлопчыка. Хлопчык утупіў вочы.

— Што табе тут… манаполька? — гневаецца гаспадыня.

— Ну, ну, дай…

— Матруна! Прынясі ўжо яму сотку, хай ужо ён спакойна едзе ад нас, — згаджаецца гаспадыня.

Матруна бурчыць, сапіць, скобліцца, кляне і прыносіць сотку. Яны выходзяць.

Пад павецьцю бацька выпівае, чамусьці адвярнуўшыся да сьценкі, і трошку недапітага падносіць сыну.

— Пагрэйся, сынок, на дарогу.

— Не хачу я…

— Ну! Ня дурэй!

Хлопчык з агідаю дапівае. Ён цяпер ведае, што ўвечары бацька нап‘ецца на станцыі, дамоў нічога не прывязуць, бо нічога не заробяць пасьля тэй выпіўкі. Бацька будзе злосны, будзе крычаць, біць коні…

Хлопчык здрыгаецца ад гарэлачнага паху, а бацька голасна разважае: