Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Браточкі! Чым-чым, а злодзеем ня быў яшчэ, — шукае спачуцьця бацька. — Але трасіце сабе… трасіце… — расхінаець ён свае лахманы.

Крамнік і яго возьнік бяруцца за бацьку, і хлопчык сагнуўшыся глядзіць, як яны лезуць у бацькаву кішэнь, шчупаюць ля пояса, пасьля кажуць: „А дай- ка торбу“, і глядзяць у беднай торбе.

— Можа ты на санёх забыўся? — пытаецца гаспадыня ў таго возьніка.

— Ды не-ж, кажу табе: прывязаўшы быў пры гужу, — сварліва адказвае той, але йдзець на двор, каб паглядзець яшчэ раз.

І болей нікога ня сталі трэсьці. „На нас толькі думалі“, цяміць хлопчык, і цяпер ён ведае, што бацька будзе злосны, будзе сёньня ўвесь дзень біць коні і крычэць на яго. А за што?..

Падводчык зараз, але марудна йдзець у хату.

— Ё, — вінавата і панура сказаў ён адно слова, маючы падпінак у руцэ.

— Дзе ён быў? — пытаецца крамнік. — У чыіх санёх?

— Неяк утаптаўся ў сьнег ля возу пад павецьцю.

— Дурны-ж ты, дурны! — лаець яго павесялеўшая гаспадыня.

— Яшчэ злодзеем ня быў, — важна аглядае ўсіх і бацька. — Ну што, сынок? Людзі думалі, што зладзеі, ажно й не! — жартуець ён з сынам, што Хомка баіцца яшчэ болей.

— Дарма пакрыўдзілі чалавека, — уступаецца тады і добранькі возьнік-дзед. Хлопчык, аднак, ужо меней паважаець яго цяпер, бо раней і дзед, як і ўсе, маўчаў, не заступаўся.