Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усіх бакоў, перавярнуўся колькі раз і пашчупаў сябе перад усімі, — няма!

— Што-ж, трэба трэсьці, — кажа тады худушчы безбароды дзядзька.

І крамнік сьмела падышоў абшчупваць Хомку… Шчупнуў пад пахамі, за пазухай, ля лапцей… Бацька глядзеў, як каменны, гаспадыня глядзела з жалем, дзед той, добранькі возьнік, глядзеў з крыўдаю, і ўсе возьнікі глядзелі з паганай цікавасьцю на беднага малога хлопчыка. Як баяўся ён, каб ногды нейкім дзівам не знашлася прапажа якраз у яго. Ён ужо сам ня быў у сабе пэўны: браў ці ня браў? — Можа, узяў як скрозьсоньня… А крамнік быў незадаволены, зьдзіўлены, што нічога не знашоў, і падазрона кінуў вокам на самога бацьку…

І тады ў хлопчыка высахла ў роце, як у самы гарачы жніўны дзень, ня чуў ён ні ног, ні рук: барані бог, знойдуць у бацькі… мог бацька ўкрасьці сабе на сотку.

— Трэба ўсіх трэсьці, — кажа крамнік: — чаму аднаго хлопчыка? Аднаму — крыўда, усім ня крыўда.

— Усіх, дык усіх, — нездаволена, але шчыра згаджаюцца возьнікі: — усіх, дык усіх…

— Трэсьці, справа гэта прыкрая, але зладзейства — справа тож дрэнь, — кажа худушчы дзядзька і ўжо расшпіляецца.

— Чаму гэта ўсіх? — разважае гаспадыня. — Пасьля гэтага, што прыехаў апасьля ўсіх, ніхто на печ ня лазіў. Чаго табе было лезьці? Аб чым ты гаманіў там з сваім хлопчыкам? — пытаецца яна ў хлопчыкавага бацькі.