Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Затое туды паглядзеў яго пляменьнік-хлопец.

— Матруна! — крычыць ён раптам, як у полі…

— Ой як ты крычыш! Ой як ты крычыш! — гневаецца гаспадыня замест падзякі за помач. — Ай ты думаеш, хлопец, што ты ў стадоле? Усіх узбудзіш сваёю дурною трубою, а нашто?.. Матруна, Матрунка! Ну дос табе ўжо ня чуць, пачуй ты ўжо хуць раз ды йдзі пытайся, хто там лезе, ну!

З неахвотаю выпаўзае касалапая Матруна з-за свае дашчатае пераборкі. Сонна пацягваецца, чэша, як скобліць, сьцягно, пасьля карак, а тады працірае свае буркалы і клянець:

— А мамачкі! Усю ночачку едуць а едуць, каб яны жыватом паехалі. Дню з іх мала, каб ім яго даў бог ня прыждаць болей ніводнага…

А-ткі пашла.

Скрозь хатнія дзьверы далятае з холаду, з сенцаў, размова. Гамоняць з абодвух бакоў зачыненых надворных дзьвярэй. Матруна сварыцца, каб спагнаць злосьць, што яе патурбавалі со-сну:

— А хвароба на вашу галаву! — крычыць яна, а што кажа там той за дзьвярмі, няможна разабраць за яе голасам. — Прышоў на вас чорны год! Сьпі-і-ірт? Хадзяйка сёроўна ня пусьця! Што? А дзе хоця! На вуліцы, дык і на вуліцы… Было ня браць малога, а мне што? Ды кажу-ж табе, што ўжо няма куды… поўна вас чарцей-д‘ябалаў! А мамачкі, во прыліп, як смала да Піліпа. Пайду спытаюся ў хадзяйкі…

— Матруна! — гневаецца гаспадыня: — каб ты ўжо там анямела. Што ты там гамоніш, ой, што ты там гамоніш?

Матруна варочаецца назад.