Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

засьмечаным стале, на селядцовых хрыбцінках і крошках хлеба. А каля іхных ног у вялікіх лапцёх селі-прымасьціліся таксама двое, гэта спозьненыя: слабенькі дзед і здаровы, мурласты і шырокі ў плячох, яго пляменьнік-хлопец; не хапаючыся, а са сьціплай, павольнай паважнасьцю, як усе сяляне, ядуць яны селядца з хлебам, дастаючы той хлеб раз-па-разу з торбы, адкрайваючы па скібцы і ізноў хаваючы краец у торбу. У парозе-ж, у даўгую, настаўленую ў комін, чорную бляшаную трубу грымеў-грымеў, пыхаў-пыхаў і супакоіўся-ткі нанач, ня прыждаўшы на сябе новых начлежнікаў, запэцканы, пузаты самавар.

Так позна, што ўжо нікога болей да самага сьвету можна не спадзявацца.

Аж не: шумяць на вуліцы сані, шаруюць па сьнезе і заціхаюць ля варот. Сталі… Пахадзіўшы там ля коні, ля варот, тупае чалавек на ганку і потым стукаецца ў дзьверы: тук-тук-тук!

— Во, ты казаў: дужа позна! Яшчэ некага і пасьля нас бог нясець, — гаворыць спакойна пляменьніку ціхенькі дзядок, абціраючы рукі ад селядцовага соку аб анучы на нагах.

А знадворку ўжо: ту-ду-ду-ду-у!.. — дужэй. І глуха чуваць пазябшы голас:

— Адчынеце! Адчыняйце-ж!

Шлёпае гаспадыня з чыстай каморы бліжэй да чорнае хаты, але ня выходзіць, бо, мусіць, ужо яна разьдзеўшыся, і шукае чалядку:

— Матруна! А, Матруна! Ай ты глуха?

— А яна сабе сьпіць, закалыхаўшы бахура, дый нічагусенькі! — кажа возьнік-дзед, ня зірнуўшы на пераборку.