Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Два вазы з сьпіртам, — рэфэруець яна гаспадыні, няхораша скоблячы то зад, то перад: — хлопчык там акалеў ці што: на прамілы бог просяцца.

— Кудой я іх пушчу?! Хай едуць у Слабодку.

— Ну, Пэся, — уступаецца возьнік-дзед, — як-то ня пусьціць чалавека? Не вялікія мы паны, зьмесьцімся, а плоха-то яму яшчэ на Слабодку валачыся, калі хлопчык акалеў.

— Ты здурнеў, стары! Кудой-жаж я іх пушчу? — гневаецца гаспадыня, а тым часам знадворку ізноў пачалося: ту-ду-ду-ду-у!

А дзіця за пераборкаю варушыцца ў сваіх пялюшках ад гоману.

— Ой, божа мой! — стогне гаспадыня, — ой, божа мой! Матрунка! Ідзі ты пратуры іх ад нашае хаты! каб ня тлумілі галаву… ці ўжо — пусьці ты ўжо іх, пусьці ты ўжо іх!

І цераз нейкі час бэхае аб сьцяну завал, сані скрыпаюць на падворку. А яшчэ цераз нейкі час паказваецца ў дзьвярох камок лахманоў — хлопчык, а сьледам за ім, з мёрзлымі вусмі і барадою, запарошаны сьнегам — бацька.

— Добры вечар! Хлеб ды соль! — кажа ён.

— Добрае здароўе! Хадзеце вячэраць! — адказвае дзядок.

— Вячэрайце на здароўе! — канчае прынятыя звычаем прывітаньні бацька.

— Авёс браць будзеш? — падступаецца зараз Пэся.

— Свайго трохі ёсьць… Сена хунтаў дзесяць дай, — трэба-ж табе заробіць.

— Заробіць?.. З вас заробіш… А селядцоў?