Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стары багамаленьнік троху сьціхае, тады байчэй цікае ціхі гадзіньнік на сьцяне, і цяжка сапіць за драўлянаю пераборкаю, закапаўшыся ў кучу пярын і падушак, маладая пара — зяць і дачка старых. У старых — дзяцей бяз ліку, але ўсе яны рассыпаліся па ўсіх краёх, блізкіх і далёкіх, знайшоўшы хто лепшую, хто горшую долю: музыканта, каваля, дантыста, крамніка, студэнткі, капялюшніцы… І жывуць старыя ў сваім доме толькі з аднэй гэтаю дачкою і зяцем, прымаком. Дачка падобна да маткі, але яшчэ даволі маладая і прыгожая, а зяць — бойкі чорнабародзенькі чалавек, які пакуль што жыве ў цесьця і займаецца абы-чым, нават стаіць над кароваю, калі яна п‘ець пойла, але ён пэўны ў сваіх здольнасьцях, што будзе багацейшы за свайго бацьку, і дзеда, і прадзеда і будзе мець капіталу на сотню гэтакіх кароў. За другою пераборкаю, дзікае і грубое стварэньне з Гарадца, куды зайшла замуж, а родам з Асмолава — батрачка Матруна, калыша дзіця маладой пары. Калыша і ўвесь час бурчыць, як злосны сабака над косткаю: усіх яна груба лае, усіх, і дзіця нават, груба кляне, на ўсіх і на ўсё груба бурчыць… У чорнай-жа хаце, на лаўках, па-застольлю, на печы і на запечку, на масту ля столу, загарадзіўшы старой гаспадыні праход, ляжаць у сваіх цяжкіх і з прэлым духам, як ад мокрага надвор‘я, вопратках, сярод розных лахманоў, збруі, торбаў і хамутоў, ляжаць мужыкі-возьнікі. Найбольш тут сьпіртавозаў, але ёсьць і што вязуць пяньку ці лён, красны тавар ці бочку селядцоў. Сапуць і хрыпяць, спрасонку цмокаюць і балмочуць, паганяюць ува сьне коні і лаюць няведма каго. Два чалавекі разьлягліся на голым