Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

валі кашулі. Хомка троху астаўся. Яму, прызнацца сказаць, было страшнавата лавіць ракі, бо яго напалохаў бацька, што з пячуры, замест рака, можна выцягнупь сьлізкую вужаку, а яна ўкусіць — і можна памерці. Ды ўсе лавілі ракі, і цікава іх лавіць: запусьціўшы голую руку, гэтак, па шыю ў сьцюдзёную, у пячурах яшчэ сьцюдзянейшую ваду, пад самае альховае карэньне, зашчупаць у каравым карчэўі ў пячурцы, у зямлі, каравага, цьвярдога, старага рака, схапіць яго за броню, каб ня сьціснуў пальца кляшнёю, і цягнуць… выхапіць з вады і кінуць на бераг, на траву-мураву, дзе рак будзе шавяліцца і паўзьці. І Хомка разьдзеўся і зьвязаў кашулю і штаны паяском у камочак, паклаў ля сябе з аброцяю і сеў на беразе. Ногі спусьціў у ваду, каб патрошку прызвычаіцца да халодненькага. Сьцюдзенавата левай назе… З-пад пазухі тхнець трошку чутным войстрым пахам поту; гарачае паветра аблівае цела, з маленькаю радзімаю плямкаю на баку, аблівае сваім непякучым цяпер павевам, авадзень гудзіць дый цікуе сесьці хлопчыку на голую сьпіну. Нагам так добранька, ды нешта ўсё халадней і халадней, чым усяму целу. Вось зараз ён кінецца ў ваду і паплыве…

— Ня сьпі ты, дурань! — крыкнуў бацька і больна таргануў: — ай зьмерзнуць хочаш? — і выкінуў яго адным махам з санак. — Прабяжы троху, зараз абагрэемся ў заезьдзе.




Чорныя будынкі высоўваюцца з шэрай і сьнежнай начавой плямы, — як добра, што ўжо прыехалі сюды, дваццаць вёрст уехалі, а цяпер, мусіць, толь-