Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адбег назад і лупцануў яе па баку, баючыся, каб ня ўбрыкнула. „Ваўкарэзіна!, закрычэў ён, як бацька: у балота! нэ-а!“ — і турыў яе ў патапечу. Потым усе хлопчыкі, зьнізаўшы аброці ў пукі (ён зьвязаў быў няпрыгожа, дык перавязаў лепей), пагналі коні ў балота ўсім сваім кагалам і гналі аж да купніку з высокаю маладою асакою. Заганялі іх далёка, дзеля чаго закасвалі штаны аж да калена. А заганялі так на тое, каб самыя бяглівыя і ўнадлівыя коні не маглі скора вылезьці і трапіць у шкоду, бо хлопчыкі меліся на нейкі час адлучыцца ад іх: яшчэ едучы на пашу, змовіліся-зрадзіліся ісьці ад коні ў ракі. Загналі… Коні абскубалі купнік, вязнучы з путамі па самае бруха. Адгэтуль ім некуды забегчы ў шкоду: далёка ў балота ня пойдуць, бо там за мужыцкімі Боцікамі пачынаецца непраходны для каня Панскі Мох, а Боцікі (званыя гэтак за тое, што выходзячы з іх кожны меў чорныя боцікі з гразі, як з лепшай гамбурскай скуры), гэтыя Боцікі — у самым далёкім куце папару, адкуль далёка да ўсякае шкоды. Адны хацелі бегчы ў ракі зараз. Другія-ж баяліся, што загналі ў балота коні спутаных, што конь можа зачапіцца за корч путам, заваліцца і ўтапіцца ў гразі, — дык калі ўсе пойдуць, ніхто ня ўбачыць і не падбяжыць з ножыкам, каб засадзіць засуканую аж па самае плячо руку пад корч і парэзаць пута. І гэта было толькі адмоўкаю, хоць-бы вось і ў Грышкі, каторы разаслаў ужо жупан і дастаў з кішэні старыя карты і пушачку з сернікамі — хацеў адгуляцца. А Цішка не хацеў ісьці, бо яго жарабок, парваўшы пута, выскачыў з балота, і цяпер яго ніяк няможна было загнаць назад, просты бегаў па лагу. А то іншым прост