Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тады — бровар. Шум, лаянка. Пояць коні. Яму трэба іх дзяржаць, пакуль бацька з мужчынамі ўскоціць па дошках на кожныя санкі па бочцы.

А потым ехаць — далёка, нудна, у страшэнным холадзе…

Маўчыць на пярэдніх санёх бацька. Баіцца, каб не астацца ці не заехаць, як-небудзь дрэнна, хлопчык. І так бывае часта-часта… І ў мароз, і ў замятуху… Сядзі ў сьцюдзёных поцемках ля праклятай з двума рагатымі абручамі бочкі, што пячэцца, як агонь, сваім марозным зялезам, калі ня хочучы даткнешся да яе. Вялікая, грубая — расьпірае ўсе санкі.

— Скрып-скрып… скрып-скрып-скрып… чжык-жы-жы-шшш… гоп-чык!.. скрып-скрып“… — пішчаць на сьнезе прыдаўленыя бочкаю палазы. Шкода каня, хоць і чужы, цяжка яму. А свае кабылы — яшчэ жалчэй: яна-ж слабейшая, і баіцца яна бацькавага пугаўя па ваччу, як Хомачка баіцца яго крыку й балючай пугі.

— Гэй ты, варона! не зявай! — крычыць на яго нехта, абганяючы; вязе двух у чорным — паноў ці гандляроў.

А зусім цёмна, і сьнег сыплецца ў вочы.

— Не засьні! — крычыць і бацька сьпераду. — Зьлезь, прабяжы, ну.

Хлопчык выскаквае з санак і бяжыць ля іх збоку, не трапляючы, топячыся ў кучках сьнегу. А ззаду бегчы — баіцца астацца.

— Ну, тут гладзенька: паедзем шыбчэй! — ізноў чуваць бацькаў голас.

Коні пабеглі. Хомка доўга ня можа аддыхацца, патроху адпачывае, прытуліўшыся ў перадку саней да пучка тырчастай саломкі.