Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дык, мусіць, вырадкам, на просты погляд, удаўся герой нашае гісторыі, бо на погляд людзей наўчоных такія прыпадкі бываюць. Ён душыцца, праўда, яшчэ малы, ад гарэлачнага паху. Ён мімаволі ад галавы да ног ня раз здрыгнецца, як у трасцы, калі стаць сярод сьпіртовых вазакоў, ля броварнага складу, і калі ў паражняковых, якім ужо заплацілі, сьмярдзіць з роту, як з самае паганае бочкі.

О, гэтыя зялезныя спірытусовыя бочкі! Маленькі Хомачка чуе сьмярдзючае душэньне ў глотцы ня толькі тады, калі хоць у думцы бачыць іх, — ня надта-ж і сьмярдзіць ад іх, а калі запячатаныя, дык і зусім нічога не сьмярдзіць — не, яму робіцца мляўка і цесна ад тых ужо гамонак, што „ў суботу ізноў павязуць на станцыю сьпірт“. Мляўка ад паху п‘яных, цесна ад бочкі на маленькіх, голых і сьцюдзёных санках. З якога боку ні прыткніся — бочка разьляглася шырока, як карова завадзкая, цяжка і няўважна, як камень і калода.

Закапцелі чырвоныя мураваныя сьцены бровару, — круглы год, зіму і лета, а найболей, аднак, узімку копціць у паветры вялізная высачэзная- правысачэзная, закураная згары і з цікаўным чорным драцяным калпаком цагляная труба. Гоняць там гарэлку з бульбы і жыта.

Спацькі-б дый спацькі пад цёплым кажухом, а трэба ехаць разам з бацькам, трэба цёпла абувацца, апранацца і йсьці на сьцюжу дый садзіцца на чужыя сані (на сваіх, горшых, едзе бацька сам).

Да бровару ад хаты блізка, і сьцюжа, хоць дужа прыкрая малому пасьля цёплай хаты, ня доўга цягнецца, каля бровару можна пагрэцца.