Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лудзівых дзяцей. Чаго вам дзівіцца на закапцелыя шосьцікі і палічкі, дзе бабскія сховы? Нічога, апроч такога-ж рызьзя і сьмяцьця, ня ўбачым. Няцікава і старавечная наша бабулька — печ, аграмадная, са шчэрбамі ў чалесьніку, з выкрышаным загнетам і подам, з разварочаным пяколкам, наша на ўсе патрэбы запаведная печ, паўнюткая гаршчкоў з ежаю, што пракісае на вячэру, і шырокіх донцаў, на якіх сохнуць добрыя баравікі на продаж і гнілое, чарвівае карэньне ў сваю капусту. Асела яна, старая, на струпехлых і паточаных шашалямі грубых балясінах, прыгнёўшы хваросьце ў падпечку і нейкія мётлы і гальні; і калі вы доўга прамучыце яе пад сваім урачлівым культурным поглядам, у якім нявера і крытыка, дык яна, ліха на вас, загрыміць цэглай — і падавіць усё, што ў ёй і пад ёю: хваросьце, і крупеню, і баравікі. Там, далей, у місачным куце тырчаць лапатачкі-лыжкі, нямытыя міскі і даёнкі, і ўсялякі гломазд. Але ўсё гэта, калі не зважаць на чорны мушыны рой, усё гэта — няжывое, ня мае болю, і даўно прышоў час шпурнуць адгэтуль многія рэчы, гаспадарнаю бабскаю рукою, за плот ці ў яму з-пад старога пограбу, што тры гады кідаюць у яе ўсякую дрэнь, і кладуць мяльле, а яна ўсё яма-ямаю.

А вы зірніце на жывое. Яно сярод хаты, на земляной падлозе, зьбітай у ямкі і залітай памыйкамі, сядзіць на кучы кійкоў і бляшанак, сядзіць, патурэцку падтуліўшы ногі, сядзіць ля місы, у якой рулі з пастаялкі, хлеба, мух і сьмяцьця. Круглыя дзяціныя вочачкі, зарумзаныя і пахмурныя, з безнадзейным подзівам уталопяцца на вас. І патроху