Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цём плечы ў дзіравенькім жупане і панёс яе па канаплянай сьцежцы на гумно — сушыць асець жыта, першую сёлетнюю асець. Гэты дзед — поэта ў душы і вельмі ўлюбіў пару году між лета й восені, калі надыходзіць пярэкрут у прыродзе на зіму, калі ўсё расьліннае дасьпявае, сыпле семя, дбаючы аб сваім жыцьці ў патомстве, і з ціхаю пакутаю ці-то пакораю спрадвечнаму закону жоўкне, схіляецца, ападае. Любіць дзед ісьці аб гэтай пары па сьцежачцы сярод зялёнай пушчы канапелек, якія тхнуць сваім п‘яным пахам і патроху прадзіраюць вочкі. Любіць любавацца на фарботы залаценькай павучыны, што бліскаюць на сонцы, цягнуцца, быццам плывуць і быццам сьцелюцца ад поля (дзе пажата і пусьцее), на гароды (дзе густа й поўна, а ўжо сьмягне і ўсыхае) і дальш на чорныя гоні (дзе незабавам зачырванее рунь). Любіць дзед, расклаўшы цяпло пад асецьцю і паплакаўшы ад елкага, з запахам прэлай гуменнай зямлі, дыму, доўга-доўга сядзець і бавіць час ля палыхаючых агнём плашак і грэць старыя косьці. Карціць старому пакласьці ў попел колькі бульбін і, ўглядаючыся на агонь-векавечнае, успамінаць, як быў маладым хлапцом (як цяпер во ўнукі), пасьвіў коні ў позьнюю, пахмурную восень, клаў пад лесам з пасохлага вербалозу і бярозавых пянькоў вялічэзнае цяпло і пёк бульбу, а калі было сала, дык і сала прог на кіёчку, крутка падстаўляючы скібку хлеба, каб не сьцякаў божы дар на зямлю. Успамінае дзед, і часам глыне сьлюню, але мае на думцы, што стар, і тады пільнуецца паважнасьці. Ат, усё роўна: нявестачка ніколі не забудзецца схаваць ключ ад клеці, дзе і сала таго толькі на затаўку для стравы.