Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як быў дзед у самай моцы, а жылі замажней, дык ужываў і ён уволю хлеба з салам, змалаціўшы да раньня асець жыта. Была пара! Але дзед — поэта ў ціхім сэрцы, і ня надта яму цяжкі раўнаваньні розных часоў свайго жыцьця; во, хваліць бога, што ёсьць печаная бульба і можна сядзець супакойна пад асецьцю ля агня і думаць аб жыцьці; і чакаць, калі палахлівы ўнучак затупае па таку босымі ножкамі, падбяжыць бліжэй і захныкае: „Дзед, а дзед! Ці ты тутацька?“ Дзедка памаўчыць, адылі ў часе пакашляець і, нібы сярдуючы, адгукнецца: — „Павошта, пыні хлапчук-галуза прыбег? — пільнаваў-бы саду і боб ад кур, усе струкі зьдзяўбалі, гадаўкі“. Тады здоймець яго да сябе на спод і дасьць крупянай, сыпкай, белай і гарачай бульбачкі. І пачне бяз концу пераказваць унуку, як жыў ён, дзед, у пана пасэсара ў батракох, вазілі яны сала на продаж аж у Вязьму; у дарозе пяклі бульбу ды варылі кулеш пад чорнай нявіднай дзяругай летняй ночкі дзе-небудзь на ўскрайку вялікага лесу.

Сонца борзда закоціцца, а дзеці ўздумалі „пірагі“ пячы. Накапалі ў ямачцы гліны, у чарапочку замясілі і на ўслончыку наляпілі шмат вялікіх і маленькіх „пірагоў“, на сонейку, дзе будуць пячыся. Дзяўчынкам прыкра, што ў бабскую справу ўбіўся хлапчук. Ён ня лепіць вялікіх і невялічкіх піражкоў, як тое вядзецца ў добрай гаспадыні, а пачынае галузаваць, ляпіць ня-то конікаў, ня-то цюцек. І дзеўчынкі ўсяк, чыста псуюць яму работу.

Ах, гэтыя перашкоды вольнай творчасьці поэты ў лепшую пару яго жыцьця, пару маленства!