Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сына хіба толькі ад нячыстай сілы… Задурыў „прарок“ мужыкоў! Улетку ўвечары, з поля з працы вярнуўшыся, мужчыны й бабы у белых да пят кашулях, наўмысьля на тое пашытых, маліліся ў „прарокавай“ хаце па старой, воскам закапанай кнізе, пяялі псальмы, плакалі гудзелі і набіраліся духу на вялікую справу. А бедная маці, нічога ні ад кога ня ведаўшы, але ўжо чуючы нешта нядобрае, сядзела тады адна ў хаце, калыхала маленькага і пяяла яму „Люлі-люлі-люлі, прыляцелі куры“… Ня куры, а коршуны прыляцелі ў хату, адабралі маленькага, — „прарок“ і сам бацька, адурэлы, адбіралі, — раздушылі, разадралі яшчэ не аднятае ад грудзей дзіця, у мяшок завязалі, да конскага хваста прывязалі і ў поле пусьцілі… Узьлез тады „прарок“ на гумно — ляцець на неба, і споўз, як дурань. Забрала поліцыя і яго і яшчэ многіх. Гады тры бавілі па судох, па вастрогах. Наяжджалі вучоныя профэсары, абмяралі чырвоным матузком і бліскучым цыркулем „прароку“ і выдатнейшым гарадчанам галовы, глядзелі ім у рот… Тым справа абышлася. Усіх пусьцілі „на волю“.

Нехта бавіцца вякамі і ня прыходзіць.

… Адылі-ж і тут бываюць гульні і сьмех, ігрышчы і вечарынкі. Трасе „трасуху“ на старой, дрынчатай скрыпцы дзяцька Цімох. Як саромлівая дзеўчынка навучаецца скокам на гумне за асецьцю, таксама і асмалаўцы, свае сярод сваіх, вясёла гоцаюць тую „трасуху“ і „лявоніху“, як праўдзівыя камары, таўкуць „мак“, мятусяцца ў „мяцеліцы“. Пяюць сумныя, ціхія песьні, даўныя-даўныя, і самі складаюць сьмехатворныя прыпеўкі. Гэтак бесклапотнае дрэўца пышна зелянее, хаця-ж злыбедная машкара выела яму сэрца.