Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

можа пасьведчыць, колькі зьмёрзла на ім нядбалых сьпіртавозаў, едучы з Харошага — станцыі за Няпром, куды цягаюць сьпірт. Бацька Няпро можа пасьведчыць, колькі залілося іх на пераправе, залілося з якоюсь п‘янаю пагардаю і няўважнасьцю да жыцьця і да ўсяго на сьвеце.

…Дзікай травою красуюць палеткі. Гніюць і правальваюцца стрэхі. Хлопцы едуць у шахты і на фабрыкі, і наогул „у сьвет“, але шлюць яны адтуль часьцей лісты з уклонамі старому і малому, чымся пяць, тры ато хоць-бы адзін рубель. І што году наяжджае валасное начальства спаганяць нядоімкі, наяжджае з грудам асмолаўскіх махляроў рабіць продаж мужыцкай маемасьці з торгу. І сьмяюцца начальнікі і махляры: прадаваць бо ня дужа чаго ёсьць. А тыя асмолаўцы возяць а возяць князёў сьпірт, болей а болей нялюдзеюць і хаваюцца самі ў сабе. Ат, ліха з ім, са сьветам, тлумным і незразумелым. Хаваючыся адзін перад другім, усё шчыльней лезуць у дружбу асмолаўцы з лугвенеўскімі шынкарамі, кажучы ім у хмялю: „Ат, пыні, і вашая доля ня лепшая. Згнецены вы тут, як селядцы ў цеснай селядцоўцы. Трэба-ж хлеб прамысьляць“… Усё сьмялей ідуць старыя дзеўкі і салдаткі ў яўрэйскія ваданоскі і няньчыць дзяцей у багатых яўрэяў. Але, мусіць, дрэнна няньчаць іх, бо не пяюць іхныя гадунцы аб долі-нядолі тутэйшага краю, змалку думаюць яны аб іншых, сьветлых, чыстых і багатых старонках, а тутэйшая поэзія для іх — мужыцкая цаны ня мае. А старэнькія, белабародыя законьнікі, у круглых чорненькіх ярмолках, з акулярамі над „бубліяй“, чакаюць абяцанае гадзіны; калі пакіне іх народ „чужыну“,