Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваюць на сані па дзьвюх дошках важкія бочкі з сьпіртам і скідаюць парожнія. І на старым шляху ўзімку троху тлумней і весялей. Іногды цягнуцца даўжэнныя абозы з хлебароднай Амсьціслаўшчыны. Вязуць людзі, апранутыя ў вялікія шэрыя армякі з шырокімі каўнярамі, падбітыя белымі і нават чорнымі аўчынамі, вязуць ад местачковых скупшчыкаў сваю і панскую пяньку, лён, канаплянае і альняное семя і з нейкім грэблівым, зьняважлівым падзівам паглядаюць на кароткія, „на вілачках“, белыя сьвіткі ў асмолаўцаў; яны пільнуюцца свой ля свайго; а калі едуць назад, лёгкімі вазамі з бакалейнымі і краснымі таварамі, дык не варочаюць з дарогі перад цяжкімі вазамі асмолаўцаў: ім карціць, каб сьцебануць даўгою пугаю чужую кабылёнку; а на заезным дварэ ў Лугвеневе яны жартуюць і дурэюць, маюць сябе за панібрата з самым Ёськам, гаспадаром заезду, п‘юць гарэлку цэлым грудам, ядуць сала і драчоны з салам; яны са сьмехам міргаюць той таму, калі высокі, худы і белабрысы асмолавец, з дзьвюмі-тромі валасінкамі замест людзкай барады, і ў сваёй сьвітцы — „на вілачках божы страх“, і ў сваіх жыдзенькіх, не па сьцюжы, пасконных штанох, туляючыся і хаваючы вочы, адзінцом вып‘е сотку, згрызе сухі таран, прымасьціцца рачыкам у дзіравых „копаніках“ (санках, з нягнутага, а копанага ў лесе, з крывых карэньняў, вобадзьдзя) — і патурыць хударлявую сваю кабылку, з белымі ад шэрані бакамі і выпнутым калматым брухам, па дарозе на паснулае Асмолава… Міргаюць і сьмяюцца.

Тое, што блізка Лугвенева з яго корчмамі і броварам, — губіць асмолаўцаў. Стары „літоўскі“ шлях