Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што завецца Зуброў Загон; а яшчэ скінуў старога аканома-латыша, пасадзіўшы на яго ваканцыю новага чалавека, нейкага эстонца, паклаў у садзе, на магіле свайго дзеда, новы плінтус з напісам папольску і палатыні, і пасьля першага падвосень холаду зьехаў ізноў у сьвет, адкуль быў прыехаўшы.

Скрозь цэлае лета, як толькі сьвяты дзень, хадзілі да князя асмолаўцы, каб дабром дайсьці да ладу з тымі несправядлівымі абрэзамі і выпрасіць палёгку на пашу і на ўругу. „Навёз аканом каморнікаў ды грабароў“, з жалем выкладалі яны князю сваю крыўду, прырэзаў вокрайкі нашых шнуроў да лесу вашай сьветласьці і рышты па ўсёй новай граніцы пакапаў… „дык дзе-ж тут якая праўда?“ „Пачакайце“ ласкава казаў ім князь, аглядаючы новенькую, прывезеную з заграніцы стрэльбу ці лезучы з тым чужаземам на лавецкія дрожкі і балбочучы з ім пазагранічнаму, — а стаенныя коні тупалі і не стаялі, — „пачакайце“… Даведаліся асмолаўцы, што князь ізноў надоўга, мусіць, зьехаў, і бяз ніякай цэрэмоніі, узлаваныя, рушылі будзёным мокрым днём, такою хлюпаю, у кантору гаманіць з эстонцам. Зазлаваўся і эстонец, новы аканом, пачырванеў, вяхнуў: „Будзем пачакаць!“ і пашоў па гаспадарцы: на стайню і ў абору. Ці за ім ганяцца?

…А ганей за двое ад палацу, за клянамі й ліпамі, у старых, вялікіх вербах, што парасьлі над Плёскаю, высачэе над нізкімі будынкамі закураная, высока-высачэнная цагляная труба — тут князеў бровар.

Усю зіму асмолаўцы і гарадчане пояць ля бровару, у шырокай студні пад круглаю гантоваю павецьцю, сваіх дробных, калматых, заманежаных коняй, ускач-