Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рудым лупатым вачу, і п‘янаватыя, у беленькіх магерках, падобных да турэцкіх фэсак, мужыкі з Асмолава, Гарадца і ўсяе воласьці, з такім-жа застыглым смуткам у ціхім або і пахавана-зласьлівым выглядзе — няўважна месяць гразь на вуліцах Лугвенева, чвякаючы дзіравымі бацінкамі і калматымі лапцямі, атопкамі, або шалёпаючы падкованымі ботамі. Ато ўздымаюць шэры, важкі пыл з пахам поту і дзёгцю, уздымаюць там, дзе некалі, як пішуць вучоныя гісторыкі, шумела вольная рада магутных і ганарлівых продкаў нашай белай косьці, там, дзе гудзеў звон рады і бразгала гострае шабельле. Можа і так!

А цяпер, у старых ліпах і клянох стаіць стары аблуплены палац дурнаватых князёў Кандыб-Лугвенічаў. За ім далей прысела, быццам якая квакуха, памалёваная летась, як езьдзіў архірэй, царква; яшчэ далей — усьцяж крамы з дзьвярмі пад агульнаю паветкай-галдарэяй, і там гнілы памост, увесь у дзірках, якраз перад дзьвярмі. Ля крам туляюцца галодныя рабрыстыя сабакі і ходзяць або бегаюць, зьбіраючы раструшанае сена, і ўцякаючы ад пугі ў руках пакрыўджанага мужыка, спрытныя і хітрыя старыя козы і такія-ж, але яшчэ спрытнейшыя малыя козкі. Яшчэ-ж далей зьляпіліся аднэю кучаю розныя будынкі, манаполька і шаўцова хата. Шаўцова хата — без варот, з аднэю шулаю, і адтуль хлопчыкам надта зручна кідаць з-за шулы шубінаю ў сабак і коз.

Прыяжджаў па вясьне, з даўганогім сябрам-чужаземам, князь; прадаў нейкім наезным з Смаленску ці адкуль яўрэям і ў кампаніі з імі лугвенеўскаму Лейбе Бруднаму кавалак лесу паміж Асмолава і Гарадца,