дубцом, лагодна пры гэтым усьміхаючыся, і, кажучы:
— Хвалеце бога за тое, што лупцую вас я, а ня хто там іншы.
Аднойчы вучань Вепрык паведаміў усёй клясе, што ён чуў, нібы калі намазаць дубец часнаком, дык ён альбо вельмі хутка зломіцца, або, калі ім лупцаваць, дык ані трошачкі не баліць.
Ад гэтае навіны ўсіх вучняў агарнула палкая надзея, што ім удасца як колечы сапхнуць з сябе пакуты. Шмат хто, як націраў дубец часнаком, сьлязьмі плакаў, але надзеі ўсё-ж ня спраўдзіліся.
Дубец не ламіўся і балела ад яго ані ня менш, як раней.
Пасьля чарговае лупцоўкі, патэр сказаў ім яшчэ спэцыяльную казань, дзе давёў, што яны мерыліся зрабіць ашуканства, жадалі ашукаць самаго бога, але бога не ашукаеш, ён справядлівы і ўсіх карае па заслугах. Ён растлумачыў ім, якімі згубнымі могуць быць для іх вынікі гэтых ашуканстваў. Ён гатовы быў закладацца на райскае жыцьцё, што гэты часнок, якім нацерлі яго дубец, вучні ўкралі, а за крадзеж ён будзе лупцаваць іх асобна.
— Бясспрэчна, — сказаў ён, — што ўсе вы, апроч Венушака і Здэнэка (гэтых вучняў не лупцавалі, бо бацька Здэнэка быў багатым селянінам, членам школьнага савету, а Вену-