іграць пакуль гэтак абрыдне, што чалавек ня можа ўжо вытрываць і кідаецца праз вакно з чацьвёртага паверху галавой на каменьне…
Сьцяпан. Божа мой!.. Хто ты?..
Здань (ціха доўга сьмяецца; яго ціхі сьмех коле душу, як тысячы цянюсенькіх вострых шпіляк). Хто я? — Я таксама, як ты, ня ведаю, хто я… Ці я — гэта ты, ці ты — гэта я?.. А можа я і ты — гэта адно Я-Ты?.. Такое адно цэлае Я-Ты!
Сьцяпан. Вон, а то вікіну цябе…
Здань. Праз вакно? Не! гэтага ня зробіш, ня выківеш!.. Я ведаю, што хочаш мяне выкінуць, але гэтага ня зробіш — і я буду заўсёды з табой: дзе ты, тамака і я, дзе я, там і ты, бо я — ты, а ты — я, я — ты, ты — я… Ха-ха ха!.. (чэзьне).
ЗЬЯВА 4.
Сьцяпан (адзін).
Сьцяпан. Божа мой! што ж гэта?! што са мной? Ці тутака нехта быў, ці мне здавалося?.. Мысьлі блутаюцца, нічога не разумею…
ЗЬЯВА 5.
Сьцяпан, Міхась (уваходзіць).
Сьцяпан. Ізноў ідзе!.. Хто там? Божа мой! Хто там?!
Міхась (глядзіць на бацьку зьдзіўлёны; ціха). Гэта я…
Сьцяпан. Хто?.. (убачыўшы сына). Ах! гэта ты!.. Прыехаў? — Напалохаў…
Міхась (я. в.) Вярнуўся…