можа я дух, а ўсё іншае толькі сьніць мой дух і нічога няма, толькі мой дух і боль… (вецер васеньні завывае праз вакно). Ох! сьцюдзёна!.. Трэба зачыніць… (зачыняе вакно).
ЗЬЯВА 3.
(Сьцяпан, Здань.)
Аб ваконные шыбы залапатаў, быццам зблудзіўшая птушка, васеньні віхор. Неяк жудасна. На сцэне павеяло дыхам сьмерці. Сьцямнело. Нехта ціха бязшумна вайшоў… Хто гэта? — Гэтые самые сумные вочы, як у Сьцяпана, гэтые самые падаюць па бакох чала кудзелі без пары пабялеўшых валасоў, — увесь гэты самы твар… Толькі фігура можа трохі больш пахілена, мо’ дзеле таго, што на рамню вісіць на ягоных грудзёх шарманка.
Сьцяпан (адвярнуўшыся ад вакна пабачыў госьця). Хто вы? Чаго?..
Здань. Я вось такі сабе шарманшчык… а можа доктар… Іншые кажуць: доктар, — такі, што хворые сумленьні лечыць.
Сьцяпан. Выбачайце, але чаго вам тут трэба?
Здань. Мне — нічога ня трэба, але табе — шмат што!.. Сумленьне хворае, трэба лячыць, хэ-хэ!.. А лекі ёсьць: добрые, радыкальные, толькі трэба хацець… Дзіця толькі баіцца лекаў, плача, што горкіе, а ты-ж мужчына! ты ня бойся!.. Адзін мамэнт — адна лыжачка лекаў, і ўсё скончыцца, сьціхне боль…
Сьцяпан. Аб чым ты кажаш? Хто ты такі?
Здань. Я-ж табе кажу: такі сабе стары музыкант… Я люблю, адшукаўшы якуюсь старую, надаеўшую ўжо людзём мэлёдыю, бяз конца йграць яе, іграць,