шырокі, сама, забудуся… Пайду… Бывай здароў… (хоча йсьці).
Сьцяпан. Чакай! у галаве муціцца… Чакай! Што хочаш зрабіць? Куды йсьці?
Матыльда. Іду… на заўсёды… Сягоньня ўжо паеду далей… Я ведала… я спадзявалася, што гэтак будзе… Я-ж ведала, што ў цябе вялікі страх сьмерці… А я ня бачу межы між сьмерцьцю ды жыцьцём… Жыві — і бывай здароў… Іду апрануцца… (йдзе ў свой пакой).
Сьцяпан. Чакай! чакай! ня йдзі! (хапае яе за руку).
Матыльда. Пусьці! (вырываецца і йдзе ў свой пакой; праз момант варочаецца апранутая з саквояжам, падае Сьцяпану руку). Будзь здароў!
Сьцяпан. Значыцца йдзеш?
Матыльда. Назаўсёды.
Сьцяпан (апускаецца на зямлю і цалуе яе руку, яна туліць і гладзіць яго галаву).
Матыльда. (пасьля паўзы). Ну, годзі ўжо… Пусьці! (бярэ саквояж і выходзіць).
ЗЬЯВА 2.
Сьцяпан (адзін).
Сьцяпан. Прайшла міма мяне, як цень… Няма! А можа яе ніколі тутатака й ня было? Можа ўсё гэта толькі жудасны сон?..
Не! ня сон!.. І Марыі няма… Памёрла, бедная… праз мяне… А можа яе ня было?.. Не! была!.. Вось настольнік, каторы яна вышывала, вось хвіранкі завешаны яе рукой… А можа гатага ўсяго няма?.. Можа нічога няма, а мне толькі гэтак здаецца?.. А можа і мяне няма. Не!! я — ёсьць!.. Душа баліць… Ёсьць боль душы, а боль — гэта я. Але хто я? Хто такі? які я? Ці