Перайсці да зместу

Старонка:Цені (1920).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьцяпан. Матыльда! Не глядзі так… ты нешта ведаеш… Хто ты? Ці ты цяпер радзілася на сьвет, ці ты жывеш з таго часу, як прышла на сьвет людзкая душа. Хто ты: чалавек, ці людзкая туга? Мне страшна робіцца… Хто ты?

Матыльда (ціха, памалу). Я — дачка… Ганны.

Сьцяпан. Хто ты? — Не разумею…

Матыльда. Я дачка тваей Ганны… Зара ўсё зразумееш… (ідзе ў свой пакой, за хвіліну варочаецца з партрэцікам у руцэ). Кінуўшы цябе, мая маці выйшла замуж, пасьля хутка памёрла, бацька аддаў мяне да чужых людзей… Я рана пачала жыць незалежным жыцьцём… Цягалася ўсюды па сьвеце… Нарэшце лёс закінуў мяне сюды, ў гэты горад, дзе радзілася і жыла мая маці… Лёс прысудзіў мне папасьці ў твой дом… Вось ведай-жа, хто я! Я — Матыльда, дачка тваей Ганны. Вось маці маей партрэт — глянь — знаеш яе… (дае Сьцяпану партрэцік).

Сьцяпан (трохі няпрытомна з страхам). Матыльда… Ганна… дачка… ты?.. ты?!. Якая падобная да маці…

Матыльда. Няшчасьце гэта!.. Я раней нічога ня ведала, — толькі як ты ўсё расказаў… Мая маці была табе, як жана… Я ведаю, ты-ж казаў… Я не магу зьневажаць памяць маей маці, я не магу быць саперніцай сваей нябошчыцы маці… Ёсьць грэх, за каторы жыцьцём трэба плаціць… Няшчасьце маё, што я люблю цябе… Я-б была тваей, але за гэты грэх трэба плаціць крывёй… Ты любіш жыцьцё… Ты гэтакай ахвяры дзеле нашай любові ня можаш даць… Ня трэба!.. — Для мяне жыцьцё — гэта адзін мамэнт, кароткі як тая хвіліна, пакуль адсюль даскочыш да зямлі… Ці мамэнт трохі карацейшы, ці даўжэйшы — ня ўсё-ж роўна?.. Ты не хацеў… Ну, добра… Не прымушаю… Пайду далей ў сьвет