смутак у мяне, што ўсё гэтае шчасьце гэтак позна прышло, калі ў мяне ўжо сівые валасы.
Матыльда. Узапраўду, гэтак крэпка мяне любіш?
Сьцяпан. Ты-ж бачыш. Я для цябе гатоў на ўсё… Яна — Марыя — памёрла, памёрла праз мяне… Мне стыд і сорам, што я бязьлітасным холадам сваім яе ўбіў; але і шчасьліў адначасна, што йзноў свабоду маю і што даказаў табе сваю любоў.
Матыльда. Гэта яшчэ не даказ.
Сьцяпан. Якіх-жа яшчэ трэба?
Матыльда (бярэ яго за руку і вядзе да вакна, каторае адчыняе). Вось глянь: там вуліца, там з цьвёрдых каменьяў брук… Мы цяпер высока. Калі кінуцца — напэўна сьмерць… Адзін мамэнт, адзін скок…
Сьцяпан (зьдзіўлёны). На што?
Матыльда (ўсьмяхаючыся) Бяз пары сарваныя з дрэва лісты…
Сьцяпан. Матыльда! Мы-ж шчасьлівы, дык на што? Ты-ж любіш мяне, я ўсю душу гатоў табе аддаць, дык на што?..
Матыльда. Трэба аддаць жыцьцё!
Сьцяпан. На што? Жыцьцё такое прыгожае… Дзе любоў, там радасьць жыцьця… У жыцьці гэтак многа хараства…
Матыльда. А найвялікшае хараство: экстаз, пасьля сьмерць!.. Матыль — ён коратка жыве, ды адну толькі ў жыцьці мае хвіліну найвялікшага шчасьця, і пасьля ўмірае… Яго жыцьцё і яго сьмерць — такое хараство!
Сьцяпан. Як я гляджу ў твае жгучые вочы, думаю, што ў сярэдніе вякі такіе як ты йшлі на касьцёр…
Матыльда. Харошая сьмерць у вагні!