Перайсці да зместу

Старонка:Цені (1920).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ III.

Пасыпаліся ўжо з дзярэў сухіе пажаўцеўшыя лісты…

Уцякаюць ад жыцьця слабые, няздольные да жыцьця людзі…

Што ёсьць чалавек на аграмадным усясьветным абшары? — Малюсенькі чарвяк, які капошыцца на сваей зямлі, которая бяз конца нудна круціцца, круціцца, круціцца ў нябесным абшары… Якая яго вартасьць? — Можа не вялікшая за гэты сухі, ўпаўшы з дрэва, ліст?.. Што яго жыцьцё? — Адзін кароткі-кароценькі мамэнцік у Вечнасыці.

Але гэты малюсенькі чарвяк, калі гадзіньнік яго жыцьця зазьвініць часіну Вялікага Болю, зрываецца, моў скрыдлы ў яго вырасьлі, кліча на бой свой Лёс, з Богам спрэчку вядзе, аб тым, што лепшы сьвет патрапіць ён стварыць. Калі душу яго сашчэміць бязмерны боль, ён кідае гэтакіе пракляцьці, што зоры на небе дрыжаць, для ног сваіх шукае апоры, каб устрымаць бег зямлі…

І ўжо ня ведае, дзе твор яго, дзе Божы, не адрожнівае, што стварыў Бог, а што яго змучаны дух, ня ведае, дзе сон, дзе ява — і рассыпаецца ў пыл, як ўпаўшы з дрэва сух ліст у васеньні дзень…

Бедны чалавек! Яго дух — гной для будучых пакаленьняў, которые не ўспамянуць яго навет добрым словам, бо знаць-ведаць аб ім ня будуць…

Бедны, няшчасны чалавек!..