рылі сваё новае харошае жыцьцё!.. Хэ-хэ-хэ! (няпрытомна сьмяецца).
Матыльда. Сьцяпан! Ты мне казаў, што калісьці думаў стацца мастаком… Чаму табе не хапіла сіл дайсьці да свае мэты?
Сьцяпан (панура). Жыцьцё маё загубіла мяне… Я быў сьляпы… Я за міску стравы прадаў сваю душу… Але нічога!.. Я цяпер пад поглядам тваіх вачэй маладзею, ажываю, йзноў будзіцца сіла ўва мне… Чакай!.. Мне хочацца імпровізаваць… Я хачу іскрыпкай маёю выпеяць табе маю любоў… (бярэ іскрыпку). Толькі пагляджу, ці яе няма? Хачу, каб ніхто ня чуў, як я іскрыпкай буду пяяць табе сваю любоў… Толькі ты адна, толькі ты адна… (йдзе ў пакой налева, праз некалькі часін выбягае адтуль страшэнна спалоханы). Матыльда!!!
Матыльда. Што з табой? Чаго ты?..
Сьцяпан. Матыльда! Марыя ўступіла нам з дарогі… Матыль мой! гэта я, я забіў яе! Матыль мой! што я зрабіў?!.
Матыльда. Што ты!.. Ціха, Сьцяпан!.. Пойдзем да яе…
Сьцяпан. О не! не магу! Яе абмярцьвелые вочы глядзяць на мяне з жальбой… Я не магу глядзець у яе вочы!..
Матыльда. Што гэта? Ціха, Сьцяпан… Пачакай, я пайду… (выходзіць налева).
ЗЬЯВА 10.
Сьцяпан (адзін).
Сьцяпан. Зьдзяржала абятніцу… бедная. Марыя!.. зьдзяржала абятніцу!..