на сцэне свой саквояж і хоча йсьці ў галоўные дзьверы. Раптам гэтыя дзьверы адчыняюцца і на парозе зьяўляецца Сьцяпан).
ЗЬЯВА 9.
Матыльда, Сьцяпан.
Сьцяпан (пабачыўшы Матыльду апранутую, з саквояжам, гатовую ў дарогу, зьдзівіўся). Што гэта? Куды ты?!
Матыльда. Я тутака далей не павінна быць. Мне трэба пакінуць гэты дом.
Сьцяпан. Матыль мой! чаму? што ты? ты ашалела?
Матыльда. Я ня ведаю, Сьцяпан, можа мы ўсе шалёные… Мой прыход у гэты дом прынёс для ўсіх няшчасьце…
Сьцяпан. Не кажы!.. Тваё паяўленьне тут прынесло мне найвялікшае шчасьце, такое вялізнае шчасьце, што я баюся, каб ад радасьці мне не звар’яцець.
Матыльда. Хаця, праўду кажучы, жыцьцё і дадзена нам на тое, каб вар’яцець.
Сьцяпан. Вось бачыш… сама кажаш. А хацела ехаць!
Матыльда. Баюся, ці хопіць нам сіл, а асабліва табе… У цябе кволая палахлівая душа…
Сьцяпан. Не, Матыль мой, я для цябе ўсё і на ўсё!
Матыльда. Пабачым…
Сьцяпан. Слухай… Мне сягоньня яна… Марыя казала, што мой сын… цябе кахае… Ты аб гэтым ведала?..