Сьцяпан. Хэ-хэ!.. У гэтым доме было шчасьце?!
Марыя. Не, можа я дрэнна сказала… Гэта ня было шчасьце, але — наш супакой, нашае ціхое супакойнае жыцьцё. Яна сьцягнула на наш дом бяду і можа сама з часам шкадаваць будзе, што гэтулькі зла тут нарабіла (сядае і апірае галаву на руццэ).
Сьцяпан (падыходзіць да яе). Што мне рабіць?! (сашчэплявае ў роспачы рукі, адыходзіць ад яе і ўзноў варочаецца). Марыя! Марыя!! на што ты мне ўсё гэта сказала! Трэ, было лепш, як я спаў, нож мне ўсадзіць у сэрца, шчасьлівейшы я-б тады быў! я-бы нічога ня ведаў, ня мучыўся гэтак, як цяпер… На што? на што?
Марыя (устае). Кінь гэта!.. Я табе калісь сказала: на дарозе тваёй ніколі ня стану… не захочаш мяне — ня трэба! Я гордая. Я гэтага не перанясу. Я сайду з вачэй тваіх і перашкаджаць табе ні ў чым ня буду, — жыві як хочаш.
Сьцяпан (у роспачы і нерашучасьці). Марыя! мей літасьць!..
Марыя. Што-ж я табе магу памагчы, калі ты сам у няшчасьце ўлез і абяздоліў нас — і мяне, і сына — Міхась так-сама няшчасны. Ён церпіць можа ня менш за цябе, але ён малады, гэта яго першая любоў, але табе старому — сорам!..
Сьцяпан. Што я вінаваты?!
Марыя. Няшчасны ты, і калі без мяне шчасьлівейшы будзеш — дай табе Божа! (выходзіць налева).