Сьцяпан. Ніхто нічога ня ведае, бо нічога няма.
Марыя. Не, Сьцяпан! Ня бойся праўды! Глядзі сьмела людзём у вочы, а калі ня можаш, дык не рабі таго, што грэх, што сорам перад людзьмі і перад Богам… Ах, Сьцяпан, нашто ты зламаў маё жыцьцё і яшчэ на старасьць не даеш мне супакою!..
Сьцяпан. Стыдзіць ты мяне перастань! Для цябе… для вас я загубіў свой талент, тую сьвятую іскру, якая зіхацела ў маёй душы!
Марыя. Ах, кінь ты гэтыя словы! Сам ты сябе загубіў, а, ляпей кажучы, сіл у цябе ня было, каб нешта тварыць… Ты-ж бязвольнае малое дзіця. І ты-б без мяне загінуў, а я ратавала цябе ад запраўднае твае загубы. Калі-б не я, ты-б ўжо даўно быў на дне жыцьця?
Сьцяпан. Ой, годзе, годзе!.. Дай мне трошачкі сьвятла, паветра трохі!.. Мне душна тут з табою… І ня муч мяне ўжо далей сваёй гутаркай, — ну сказала, ну йдзі, ну й годзе!
Марыя. Не, Сьцяпан, ня годзе! Гэта ёсьць апошняя наша гутарка. (Сьцяпан іронічна ўсьмяхаецца). Ня сьмейся! я — ня ты! я слова стрымаю. Гэта — апошняя наша гутарка! Дык вось скажу табе яшчэ тое, чаго ты ня ведаеш, скажу табе тое, ад чаго табе валасы дыбам на галаве падымуцца, скажу табе, што кожны бацька даўно спазнаў-бы, толькі ты ў сваім сьляпым эгоізьме ня бачыш: Міхась закахаўшыся ў Матыльдзе!
Сьцяпан. Міхась?
Марыя. Вось ведай-жа! Яна аб гэтым так-сама ўжо ведае, але ёй гэта ўсё роўна… Яна, як злы дух, уварвалася ў наш дом і зруйнавала нашае шчасьце!