Перайсці да зместу

Старонка:Цені (1920).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА 2.

Марыя і Сьцяпан.

Сьцяпан (моўчкі бярэ капялюш і сваё паліто і хоча апранацца).

Марыя (у голасе яе чуваць якуюсь пастанову). Чакай, Сьцяпан! ня йдзі. Я хацела паважна пагаварыць з табой. Мне многа што не падабаецца.

Сьцяпан (нездаволены). Ах, Божа мой! ізноў пачынаецца гэтая „паважная гутарка”, вечная сямейная драма, мо’ ізноў пачнеш вучыць мяне, як трэба жыць… Мо’ пачнуцца сьлёзы!..

Марыя. Ня бойся, я плакаць ня буду. Жывучы з табой, я ўжо выплакала ў цішы ўсе свае сьлёзы… Я толькі хачу з табой пагутарыць аб нашым жыцьці. Я бачу, што ты баішся шчырай са мной гутаркі, але трэба, Сьцяпан, каб раз ужо ты адважыўся, бо гэтак далей нельга… Бяз гэтае гутаркі нельга абыйсьціся, трэба раз усё сказаць, раз нарэшце ўсё скончыць… Чаму ты, Сьцяпан, ня маеш адвагі сьмела глянуць праўдзе ў вочы? Чаму ты ня толькі мяне, але навет часта сам сябе ашукаваеш? Глядзі сьмела праўдзе ў вочы!

Сьцяпан. Што ты мне гэтым хочаш сказаць?

Марыя. А вось што: ты, Сьцяпан, малы, злы, подлы чалавек! Ты загубіў маё жыцьцё. На што ты жаніўся са мной? Гэтыя ўсе гады нашага супольнага жыцьця былі для мяне мукай. Я ведала, што душа твая не да мяне належыць. Я думала, што можа з часам будзе інакш, але бачу, што з кожным днём усё гарэй. Я-ж не сьляпая, — я бачу, ведаю ўсё… Ці-ж табе ня сорамна тваіх сівых валасоў. Ці-ж табе ня сорам перад сваім сынам, каторы так-сама ўжо пачынае нешта бачыць?..