Перайсці да зместу

Старонка:Цені (1920).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Матыльда. Яе імя?

Сьцяпан. Нашто табе?

Матыльда. Ганна?

Сьцяпан (здзівіўшыся). Скуль ведаеш? знала яе?

Матыльда. Ня пытайся.

Сьцяпан (я. в.). Кажы, Матыльда, што гэта значыць? Кажы: ты знала яе?

Матыльда. Прашу цябе, ня пытайся. Ад гэтага залежыць наша шчасьце.

Сьцяпан. Ад гэтага? Не! Ты памыляешся. Скажу табе больш: яна выйшла замуж, пасьля гэтага хутка памерла, — я ведаю, я чуў, казалі мне… Гэта было ўжо даўно… Ну, дык кажы, ці знала ты яе?

Матыльда (заціснуўшы зубы). Ні слова не скажу. Нічога ад мяне не даведаешся.

Сьцяпан. Не разумею… Якая ты дзіўная! Ну, Матыльда, я прашу (хоча яе абняць).

Матыльда (адхіляецца ад яго). Стой, кінь, ня трэба…

Сьцяпан. Я бачу, што ты да мяне ахаладзела.

Матыльда. Ах, не кажы нічога…

Сьцяпан. Ня любіш ты мяне?

Матыльда. Ах, Божа мой! што мне табе казаць! Люблю — і няшчасьце маё, што я не такая, як яна: я люблю цябе…

За дзьвярмі чуваць званок. Сьцяпан і Матыльда нейкі час з болем у вачох глядзяць на сябе, пасьля Матыльда йдзе ў свой пакой, а Сьцяпан адчыняе галоўныя дзьверы. Уваходзіць Марыя.