Перайсці да зместу

Старонка:Цені (1920).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цілася… Разумееш? гэты паганы страх сьмерці асьмяшыў мяне ў яе вачох яшчэ больш… А я апрыч таго, дайшоў праз маю любоў да гэтакае, можна сказаць, подласьці, што заместа таго, каб плюнуць ёй у вочы і пайсьці сваёй дарогай, — я далей прасіў у яе зьлітаваньня, маліўся перад ёй, як перад абразом, каб яна ахвяравала мне сваю любоў…

Матыльда. Цяпер яе клянеш?

Сьцяпан. Не. Тады, як любіў, любіў і праклінаў. Доўга яшчэ яе любіў. Ажаніўшыся з Марыяй, яшчэ яе любіў. І праклінаў да таго часу, пакуль пабачыў цябе. Цяпер успамін аб ёй вызывае ў маёй душы толькі ўздых палёгкі, што гэтая жудасьць ужо прайшла, як сон, як цень…

Матыльда. Ці маеш яе партрэт?

Сьцяпан. Пакуль цябе спазнаў, пракляцьце маё насіў у мэдальёне вось тут, на грудзёх, цяпер — кінуў між розным сьмяцьцём у прыстолак.

Матыльда. Пакажы.

Сьцяпан (неахвотна). Э, можа лепш не…

Матыльда. Не. Пакажы!

Сьцяпан. Яна… яна была надта падобна да цябе, асабліва вочы… Калі я гляджу ў твае вочы, іншы раз жудасьць бяра мяне, як тады… як калісь…

Матыльда. Ты мяне зацікавіў яшчэ больш… Прынясі!

Сьцяпан. Ну добра… Зара (выйшаў на часіну і вярнуўся з залатым мэдальёнам у руццэ). Вось…

Матыльда (адчыняе мэдальён, з дзівам прыглядаецца да партрэціку, што ў сярэдзіне, пасьля палахліва пытаецца): Ах! хто яна?

Сьцяпан (спакойна). Гэта яна.