Выгляд сцэны гэты самы, што й раней, але ўжо праз вакно ня ўрываюцца хвалі сонечных кос, але плыве жудасьць восені, сум падаючых з дзярэў лістоў…
ЗЬЯВА 1.
Матыльда, пасьля Сьцяпан.
За сцэнай плывуць тоны элегіі Massenet’a: гэта Сьцяпан пяе сум свае душы. На канапе сядзіць у выгоднай позе Матыльда і слухае. На яе вуснах блутаецца час ад часу нейкая таёмная ўсьмешка. Гэта страшная ўсьмешка. Гэта ўсьмешка Сфінксу, каторы душыць у сваіх абоймах захацеўшага спазнаць Сусьветную Тайну, гэта ўсьмешка Хохліка, які вядзе сьляпога на бераг пропасьці.
Пасьля музыкі ўваходзіць Сьцяпан з іскрыпкай у руцэ.
Сьцяпан. Ах, ты тут?..
Матыльда. Сядзела, слухала тваю музыку.
Сьцяпан. Вось нешта неяк захацелася, — зайграў…
Матыльда. А твая жана казала, што ты тут ніколі ня йграеш.
Сьцяпан. Але.
Матыльда. А цяпер?
Сьцяпан. Цяпер, Матыльда, гэта праз цябе… Душа неяк разбалелася і захацелася музыкай заглушыць боль душы.
Матыльда. Сьцяпан! Чаму душа баліць? Сядзь ля мяне. Скажы.
Сьцяпан (сядае побач яе). Вялізнае шчасьце гэтак сяма як і няшчасьце робяць душы боль. Боль і радасьць найдзе ў бесканечнасьці сходзяцца, зьліваюцца ў вадно…