Перайсці да зместу

Старонка:Цені (1920).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іграе: ля-ля-ля… Калега! разумееш? — калега, а можа навет прыяцель, друг сардэчны!.. Ха-ха-ха! Калега!.. (з вялікім болем у душы падае на канапу і іронічна сьмяецца). Ха-ха-ха!.. Калега!..

Марыя (пахіляючыся над ім). Сьцяпан! Дарагі мой!.. О, Божа!.. што з табой?..

Завеса.


АКТ II.

Прайшла вясна, прайшло ўжо й лета. У паветры запахла пахам восені. А пасеенае вясной у душах людзкіх зярнё пачало дасьпяваць…

Бедны хлапец уцякае з хаты, страх яго агартае перад няведамым пачуцьцём, але дарма! — нікуды не ўцячэш перад уласнай душой!..

У старым будзіцца забытая туга, хоча ўдарыць магутны акорд свае памаладзеўшае душы, але дарма! — вялікае песьні не запяеш, калі страх перад адзіноцтвам і калі хворае сумленьне…

Верная апякунка хатняга вогнішча, абняўшы мягкімі матчынымі рукамі кволае сэрца сына, ціха з сухімі вачыма адыйшла з вялікім болем, з затоенай у самай глыбі душы роспаччу. Ціха і горда — бо навет свайму мужу, вінавайцы ейнага няшчасьця, апрача некалькіх горкіх слоў праўды, ня мае што больш сказаць…

А Яна — Дэмон гэтага дому — далей кліча людзкія душы ў край, дзе Шчасьце з Няшчасьцем падаюць сабе рукі, у край, дзе сонца здаецца цёмнай плямай перад блескам чалавечага духу…

А хатняе вогнішча ўжо раскідана… Ужо навет тухнуць параскіданыя галавешкі…