свае душы. Не шкадуйце свае душы, не шкадуйце сваіх ран. Рвіце іх кіпцямі, няхай пасочыцца з іх сьвежая кроў, бо яна дасьць жыцьцё несьмяротнай кветцы хараства. Не шкадуйце свае душы. Сьцёбайце яе бічом вашае думкі, як сьвятыя бічавалі сваё цела, а тагды змучаны дух ваш адслужыць службу вечнасьці.
Сьцяпан. На што?
Матыльда. Дзеля шчасьця, для вялікае радасьці жыцьця. Вялізны боль дзеля часам мінуты найвялікшае радасьці.
Сьцяпан. Боль?
Матыльда. Але. (выходзіць).
ЗЬЯВА 10.
Сьцяпан (адзін).
Сьцяпан. Хто яна — гэтая дзіўная дзяўчына? Хто яна? (сядае, задумляецца).
За сцэнай на панадворку чутно шарманку.
ЗЬЯВА 11.
Сьцяпан, Марыя (ўваходзіць).
Марыя. А, Сьцяпан! ужо вярнуўся!.. Ну што-ж? работу дастаў?
Сьцяпан. Дастаў. Будзь яна проклята гэтая работа!!. (падыходзіць да вакна і раптам адчыняе яго). Вясна!.. Вясна творчасьці прайшла, прайшло бясплоднае градабітае лета, прыйшла восень… трыумфу!.. Ха-ха-ха!..
Марыя (глядзіць на яго з дзівам). Што ты, Сьцяпан, гэтакі дзіўны?
Сьцяпан (з іроніяй падыходзіць да жонкі і абыймае яе). Дзіўны? Дарагая, каханая жана! Дзіўны?!. (вядзе яе да вакна). Во — чуеш там, на панадворку, во там за сьмярдзючым катухом стаіць шарманшчык… Во!