ЗЬЯВА 9.
Сьцяпан, Матыльда.
Матыльда (ўваходзіць апранута, як на вуліцу).
Сьцяпан (пабачыўшы яе, акамянеў).
Матыльда (затрымалася на сваім парозе і сьмела глядзіць яму ў вочы).
Сьцяпан. Хто… пані?!.
Матыльда (маўчыць і глядзіць з цікавасьці на Сьцяпана).
Сьцяпан (падыходзіць да яе, прытамнее, ціхім голасам). Гэта пані тут закватаравалася?
Матыльда (я. в.). Але.
Сьцяпан (нэрвова). Выбачайце, што я такі… што я так дзіўна. Заместа прадставіцца вам, я… Выбачайце… (кланяецца). Я — гаспадар гэтае хаты…
Матыльда (падае яму руку). Я ўжо чула аб вас.
Сьцяпан (глядзіць на яе з дзівам). Божа-ж мой!.. Што-ж гэта? Гэткае дзіўное здарэньне!.. Пані! Мне здаецца, што я вас калісьці знаў… Але не! гэта ня вас!.. Гэта было даўно… Яна памерла, я — стары ўжо… Паня маладая…
Матыльда (з усьмешкай сфінксу). Ёсьць усходняя лягэнда, што прад міліёнамі вякоў жылі на сьвеце гэтыя самыя людзі, што і цяпер, і ўсё тое самае, што ёсьць цяпер, ўжо было… Можа і мы прад міліёнамі вякоў жылі ўжо і зналіся?..
Сьцяпан. Вы жартуеце… Але калі я вас убачыў у першую часіну нешта дзіўное мне здавалася… Я калісьці знаў, як быў малады, асобу вельмі падобную да вас… Яе ўжо няма, памерла… Вы надта падобны да яе…