прасіць. Ён, бедны, такі заўсёды знэрваваны!.. І пані, як пазнаёміцца з ім, няхай ніколі аб музыцы не ўспамінае.
Матыльда. О, добра…
Міхась. Я, мама, яшчэ пайду, — пагода такая харошая вясна… (выходзіць, пакланіўшыся Матыльдзе).
Марыя. Ідзі, сынок, але хутка варочайся.
Матыльда. А я ўжо пайду ў свой пакой. Яшчэ ня зусім пасьпела распакаваць свае рэчы (устае).
Марыя. Пакойчык пані хіба будзе падабацца. Вокны на поўдзен, праз увесь дзень сонца.
Матыльда. Я люблю сонца… (ідзе ў свой пакой).
ЗЬЯВА 7.
Марыя (адна).
Марыя. Дзякаваць Богу… Здаецца, што вельмі сымпатычная асоба… Я гэтак баялася, каб ня трапіўся які неспакойны кватарант! (выходзіць налева).
ЗЬЯВА 8.
Сьцяпан (відаць, што вельмі знэрваваны; распранаецца, закуравае папіросу, ходзіць па сцэне, потым сядае на канапе). Работу знайшоў. Ведама! музыкі заўсёды патрэбны, angagement заўсёды знойдзецца!.. Ха-ха-ха! Але! Узноў за старое! Музыка-чорнарабочы!.. Хэ-хэ! Пілуй сабе да позьняе ночы розныя ой-ры ды гоплі, — а на рэстаранным прэйскуранце напісана: „сымфонічны концэрт“… Эх, Божа! „Концэрт!..“ „сымфонічны!..“ — а гэтаму „концэртанту“ п’яны госьць зафундуе чарку гарэлкі!.. Фу, чорт!..