Марыя. Мне здаецца, што пані тут будзе добра, як у сваёй сям’і. Мы людзі простыя, шчырыя… А дзе пані сям’я, калі можна спытацца?
Матыльда. Я — адна на сьвеце. Маці мая памерла даўно, я яе не памятаю; бацька так-сама, я была адна толькі ў іх дачка — і вось нікога ў мяне няма…
Марыя (спагадліва). Трудна гэтак жыць бяз блізкіх людзей. Але мы пастараемся, каб пані ў нас было добра. Мы людзі ціхія, спакойна дажываем свой век… Вось толькі няшчасьце: сыну не ўдавалася навука ў гімназіі…
Міхась (нездаволены). На што мама аб усім гэтым!..
Марыя. Ну, нічога… Пані такая якаясь… добрая, што мне здаецца, быццам мы ўжо даўно знаёмыя…
Матыльда. Мне здаецца, што ўсе людзі былі мне калісьці знаёмыя… Мне здаецца, што можна да кожнага падыйсьці, пачаць гутарку дзеля таго, што ўсе людзі знаюць мяне.
Марыя. Пані будзе яснаю касулькаю ў нашым сумным жыцьці. Мой бедны муж, музыка, меў angagement у опэры, але тамака якіясь нялады, тэатр разьбіваецца, прыдзецца яму йзноў ісьці йграць у рэстаран, бо калісьці ён іграў у рэстаранах… І гэта ёсьць яго трагэдыя. Як быў малады, думаў зрабіць мастацкую кар’еру, думаў аб славе… Цяпер дзеля куска хлеба трэба йграць ўсюды…
Матыльда. Я вельмі люблю музыку!.. Пані муж пэўне часта тут іграе?
Марыя. Не, пані, ніколі! Кажа, што дадзела яму ўжо яго іскрыпка — ён іграе на іскрыпцы… Калісьці прасіла я яго, каб зайграў, але як пабачыла, што музыка толькі смутак на яго душу навявае, кінула