так сабе выабражаю. Прыходзе іншы раз гэтакая часіна… неяк на душы дзіўна робіцца: хочацца і плакаць, і сьмяяцца. Сам ня ведаю, як сказаць: ці гэта шчасьце, ці няшчасьце, — і вось тады хочацца пісаць, пісаць… Здаецца мне, што нехта за мной стаіць, за маім крэслам… Я яе ня бачу, але чую, што яна стаіць за мной… Раз навет здавалася мне, што яе рука дакранулася да маіх валасоў… Яна такая харошая, як багіня!.. І ў гэты час, калі я пішу, мне здаецца, што і я харошы, прыгожы…
Марыя. Ну вось бачыш, Міхась! Жыцьцё — не такі страх, як табе здаецца. На скрыдлах свае фантазіі можаш уцячы ад гэтага шэрага жыцьця ў іншую старонку — у край свайго духу… Вось пішы, можа з часам будзеш слаўным паэтам, і людзі будуць цябе любіць і паважаць, а твае блізкія будуць табой гардзіцца (гладзіць сына па галаве).
Міхась (задумляецца). Ну, але… але… Аднак гэта ўсё ня тое, па чым сумуе душа…
Марыя (цалуе сына). Ну, не маркоцься, пішы, вучыся, аб усіх гэтых сваіх смутках забудзешся… Я йду ў кухню на часіну… Ну, не маркоцься!.. (выходзіць).
ЗЬЯВА 5.
Міхась, пасьля Матыльда.
Міхась (сядзіць неякі час задумаўшыся. Пасьля ўстае, праходзіцца па сцэне, а потым, абапёршыся аб сьценку і гледзячы ўперад, деклямуе):
Між зор спаткаўся я з табою, |