праклінаць!.. Я-ж не малы! я ўсё разумею… Я многа яшчэ мог-бы сказаць, ды не хачу!.. Мама! нашто такую крыўду мне зрабілі!
Марыя. Ды што ты, Міхась! Якую крыўду?
Міхась. А калі я ўжо радзіўся на сьвет, калі пабачылі, што я буду гэтакі бяздольны калека, трэба было мяне ў калысцы маёй задушыць, як шчанё!
Марыя. Божа мой! што ты кажаш!
Міхась. Вось у грэкаў, у спартанцаў, была такая Тарпэйская скала… Калі дзіця было калекае, яго з гэнае скалы кідалі ў пропасьць!..
Марыя. Ах, Божа!
Міхась. Мама! мама не разумее, што гэта значыць — быць калекай! што значыць быць не такім, як усе іншыя людзі; здаецца, як ідзеш на вуліцы, што ўсе неяк інакш на цябе глядзяць, з нейкай літасьцю… Ох, гэта літасьць, будзь яна проклята!.. Я непоўнапраўны грамадзянін, мне ня ўсе даступны дары жыцця, бо я не такі, як усе, бо я гарбаты!.. Будуць людзі казаць: „знаеш ты яго? — каго? які? — а вось такі, гарбаты“… — О, чаму я не радзіўся ў Спарце, дзе быў гэтакі разумны закон, кідаць такіх як я з Тарпэйскае скалы!? (плача).
Марыя (супакоявае яго). Міхась! ў цябе ня так ужо надта… бывае шмат горай… Але гэта для мужчыны — глупства, гэта ня важна… Найважнейшая рэч — розум… Мужчыне патрэбна быць разумным, а прыгожасьць — глупства. Вось, Бог дасьць, вытрымаеш экзамены, пасьля паедзеш у унівэрсытэт, будзеш мець становішча… Людзі цябе будуць паважаць.
Міхась. Але я не хачу, каб мяне паважалі!.. Я цяпер ужо хачу жыць, а не тады, калі ў мяне будзе лысая галава і вываляцца зубы. Мае таварышы цяпер ужо жывуць поўным жыцьцём… Сьмяюцца,