ЗЬЯВА 2.
На сцэне праз нейкі час нікога няма. Пасьля за ўваходнымі дзьвярмі чуваць званок. Марыя ўваходзіць з левых дзьвярэй і йдзе адчыніць. Уваходзіць Сьцяпан з іскрыпкаю ў футляры ў руцэ. Распранаецца і вешае пальто і капялюш на кручніку.
Сцяпан, Марыя.
Сьцяпан. Абед хутка будзе гатоў?
Марыя. А ўжо хутка… Вось толькі Міхася яшчэ няма.
Сцяпан. Дзе-ж ён бадзяецца? З гімназіі выгналі, работы ніякае ня мае, мог-бы не валачыцца без патрэбы, а ў пару прыйсьці!
Марыя. Чаго-ж ты гэтакі злы? Што табе?
Сьцяпан (махнуўшы рукой). Ат!..
Марыя. Што такое?
Сьцяпан. Грошы ня плацяць! Дырэкцыя — банкрот!.. Сягоньня апошні спэктакль!..
Марыя. Божа-ж мой! Дык як-жа будзе!?
Сьцяпан. Як будзе? — Як было, так і будзе. Узноў пайду йграць у кафэ… Ад вечара да позьняе ночы, ажно пальцы будуць пухнуць, буду пілаваць на іскрыпцы п’яным гасьцём… Дзякаваць Богу, рэстаранаў і кафэ ёсьць шмат!.. Шкода навет, што кідаў. Без патрэбы ўлез у гэты тэатр…
Марыя. Бедны ты! А ты ўжо думаў, што кончылася твая мука ў рэстаранах!..
Сцяпан. Толькі, калі ласка, не шкадуй мяне! Цярпець гэтага не магу!.. У кафэ прынамся плацяць грошы і на брук раптам ня выкінуць.
Марыя (з рэзыгнацыяй). Але, такі ўжо відаць твой лёс, нічога ня зробіш… А мне вось удалося аддаць гэты пакой. Знайшлася кватарантка… Адразу