Школы не былі адчынены.
Польская улада на кожным кроку рабіла перашкоды у адкрываньні беларускіх школ, а тых беларусаў якія раілі селянам адчыняць школы арыштоўвалі, рабавалі і проста зжывалі са сьвету. Гэтак селяніна з вёскі Шастакоў, пад Вільняй, Фалькевіча, нялічанае чысло разоў цягалі па турмах за тое, што ў часе нямецкае акупацыі паводле яго думкі была адчынена беларуская школа, што ня слухаў ксяндза і суседняга пана, працаваўшых дзеля апалячываньня беларускіх селян, за тое, што ён змагаўся з польскай захватнай агітацыяй і пеяў псальмы у касьцелі па беларуску. Гэтага гаспадара малазямельніка палякі зусім зруйнавалі.
Дзякуючы польскаму прасьледаваньню беларускіх школ — з ліку 153 школ у Віленшчыне і Горадзеншчыне істнаваўшых пры немцах, пад польскім панаваньнем у ліпеню 1920 году асталося толькі 17 школ!
Да апошніх дзён палякі руйнуюць, нішчаць і прасьледуюць усё беларускае. Ужо ў апошнія месяцы палякі бяз ніякай прычыны закрылі у Горадні Беларускі Нацыанальны Камітэт і хацелі арыштаваць сяброў Камітэту, але сябры здалелі уцячы заграніцу. У той жа самы час зачынілі ў Горадні беларускую газэту „Беларускае слова“ і пачалі закрываць беларускія коопэратывы за тое, што гандлёвыя кнігі былі пісаны па беларуску. Да самых апошніх дзён палякі арыштоўваюць беларускіх вучыцялёў, беларускіх дзеячоў і звычайных беларускіх грамадзян, толькі за тое, што яны шчырыя беларусы і змагаюцца за шчасьце, за дабрабыт беларускага працоўнага селянства.
А замест беларускіх школ адчыняюцца польскія школы, каб праз іх апалячываць нашых дзяцей. Замест беларускіх газэт і кніжок распаўсюджываюць польскія газэты і кніжкі, каб імі зацемніць розум беларускіх селян, каб праз гэтыя газэты бараніць інтэрэсы польскіх захватчыкаў. Замест беларускіх коо-