„У вашым мястэчку павінна істнаваць польская гімназія, а як для дзьвюх гэткіх школ, мястэчка гэтае лішне малое, дык на істнаваньне беларускае гімназіі я ні ў якім прыпадку пазволіць не магу“.
Польская улада, каб хутчэй вынішчыць на вёсках беларускія школы, адмовілася плаціць грошы вучыцелям і вучыцелькам. Але нашыя вучыцялі і вучыцелькі працавалі далей бяз урадовай дапамогі і адважыліся жыць у страшэннай беднасьці і голадзі, далей заставацна ў сваіх школах.
Здаралася, што яны паміралі з голаду, як гэта было ў Сакольскім павеце, Горадзенскай губэрніі, гдзе вучыцелька Волька Якуцянка памёрла на сваім становішчу з голаду.
Ў тым-жа Сакольскім павеце польскі школьны інспэктар заявіў вучыцелю В. Казлоўскаму, што ня дасьць пазваленьня на адкрыцьцё ня толькі ўрадовае беларускае школы, але і прыватнае, грозячы яму арэштам, калі ня кіне захадаў аб школах.
Той-жа школьны інспэктар сказаў вучыцелям-беларусам, што ён можа дапусьціць істнаваньне толькі польскіх і расейскіх школ і будзе зацьвярджаць на становішчы вучыцеляў-беларусаў, каторыя згодзяцца вучыць па расейску.
Калі-ж вучыцелі адказалі яму, што яны як беларусы лічаць магчымым вучыць толькі ў сваей матчынай мове — школьны інспэктар крыкнуў: „Ну дык і едзьце ў сваю Беларусь, калі яна недзе істнуе. Я тутака не пазволю!“…
У Горадзенскім павеці селяне падалі ў працягу аднаго лета 1919 г. — 24 прыгавары аб аткрыцьці беларускіх школ, але палякі не зьвярнулі ўвагі на селянскія жаданьня. (Факты ўзяты з кнігі А. Луцкевіча „Польская акупацыя у Беларусі“).