Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У тэй кватэры, дзе служыла Рыгорава зямлячка, жылі адны вельмі багатыя паны. Кватэру займалі вялікую — шэсьць вакон з надворку і шэсьць вакон на вуліцу выходзіла; увесь другі паверх займалі. А вуліца была шырокая, людная; увечары каляскі і карэты ракой проста цякуць, а сярэдзінай — узад і ўперад шые трамвай, як жук вялікі выглядае здалёку; народ выходзіць і ўваходзіць, а электрычныя ліхтарні, як месяцы ў поўні, усю гэту раку людзкую заліваюць млечным[1] сьветам. Любіў Рыгор гэту вуліцу, любіў увіхацца на ёй паміж карэт і калясак, падмятаючы ўвечары, калі на ёй быў найбольшы рух.

Раз пад вясну дзень быў пагодны, на дварэ стаяла адліга, і народу на вуліцы было многа. Рыгор вышаў падмятаць. На душы яго неяк было радасна, лёгка.

Вокны на другім паверсе былі насьцеж расчынены, у сярэдзіне гарэла сьвятло і адтуль даносіўся голас скрыпкі. Гэта зьдзівіла Рыгора: там раней ніхто ня йграў на скрыпцы. Граньнё плыло з вакон нейкае жаласьлівае, знаёмае, недзе чутае… Пачаў услухоўвацца. Скрыпка быццам гаварыла нешта, нечым жалілася… „Так зусім іграў Пранук, даўно, там — на вёсцы“, — успомніў Рыгор… А ў скрыпчыную жальбу ўплятаўся нэйчы звонкі галасок. Вясёлы, звонкі галасок гэты знаў Рыгор: гэта сьпявала паненка. Толькі цяпер яна пяе нешта іншае, не такое, як заўсёды, — слоў яе за грукатам конскіх капытоў і званкоў трамвайных ня мог дачуць Рыгор. Апёршыся левай рукой на мятлу, а ў правай трымаючы бляшаны коўш, Рыгор услухаўся ў песьню, якая дзіўна казытала яго сэрца. Але вось пачуўся нейчы зычны мужчынскі голас, а разам з скрыпчынай жальбой паплыла поўная задумы, добра знаная, але чужая гэтай вуліцы песьня:

… Ой пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы гарэ плугам!

Ясна, ёмка плылі словы з адчыненага вакна. У Рыгора як-бы гром ударыў. Дзе ён чуў гэтую песьню? Дзе?.. Прыпамінаў сабе. Сэрца моцна[2] ўдарала ў грудзёх. А песьня далей плыла:

І наеўся і напіўся’
Сеў на плуг ды засмуціўся,
Сеў на плуг ды засмуціўся!!..

аддалася рэхам закацістая апошная зваротка.

„Гэта-ж маці сьпявала песьню гэту!“ — успомніў Рыгор.

Так, гэта маці сьпявала, шаптала нешта, і думкі панясьлі яго ў родную вёску. У вачох памутнела, адступіліся думы недзе ўдаль… І здалося яму, што гэта стаіць ён не сярод вуліцы, але сярод поля, а кругом шуміць жыта насьпелымі каласамі. Маці йдзе мяжой, а ён побач. У маткі на левым плячы перакінуты серп, а правай рукой вядзе за руку яго.

Каляскі каціліся шпарка — адна за аднэй, і гразь вылятала з-пад гумілястыкавых колаў. Але Рыгор ня бачыў гэтага: яму здавалася, што гэта буйная раса асыпаецца на твар, што гэта не трамвай звоніць, а начлежнікі з песьнямі гасьцінцам едуць і пяюць. Скрыпка плакала, ліўся зычны мужчынскі голас і шмат іншых галасоў уторы-

  1. Пабел. — малочным.
  2. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.