Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лебядзіная песьня.

Хмарнае асеньняе неба плакала ільдзістымі сьлязамі, калі Рыгора Лежню выпраўлялі з хаты ў сьвет далёкі, у маскалі. Вецер гудзеў у голых галінах крывой бярозкі, што, пахінуўшыся, стаяла каля варот. Гаманілі суседзі. Яшчэ раз на парозе матка абняла яго і зрасіла сьветлыя, як лён, валасы сваімі сьлязамі; яшчэ раз Рыгор, стаўшы на калені, пацалаваў родную зямельку і, выціраючы рукавом белай сьвіткі сьлёзы, вышаў на ганак.

— Прашчайце, суседзі! Прашчай, маці! — прагаварыў ён здушаным голасам, трымаючы ў руках шапку.

Каля варот, у куточку, як калінка, стаяла Гануля. Прышла папрашчацца з Рыгорам, а сьлёзы так і коцяцца з блакітных вочак. Рыгор на’т падышоў да яе і, абняўшы, крэпка пацалаваў у самыя вусны.

— Прашчай, Гануля, чакай мяне!

— Вяртайся, сынок, не забудзься нас у чужой старонцы! — прычытвала праз сьлёзы старая маці.

Сеў на сані. Сані лёгка памкнуліся гасьцінцам у старану цёмнага бору. Матка з Гануляй доўга стаялі на дарозе і глядзелі ўсьлед за санямі; абедзьве птушкай гатовы былі ляцець за ім, абедзьвюх адно гора лучыла.

Рыгора паслалі адбываць службу ў Піцер[1]. Сьпярша цяжка яму было там. Сэрца рвалася дамоў, да сваіх, але павіннасьць трымала[2]. І-ткі памаленьку прывык. Найгорш-то з мовай бывала: не патрапіў гаварыць паіхнему; сьпярша, дык сьмяяліся але наламаўся. Муштры скора паняў[3], артыкулы стрэльбай лепш ад усіх выкідваў. А калі, бывала, пачнуць песьні салдацкія сьпяваць, то ніхто так зычна, так ёмка, ад душы ўсей не пяяў, як наш Рыгор. На другі год нашыўкі далі яму і другіх муштры вучыць загадалі. Бывала, як прыгоняць навабранцаў, — паміж імі бывалі і Рыгоравы землякі, м дык ніхто ня ўмеў так дакучаць ім за іх простую гаворку, як Рыгор.

Шэсьць гадоў служыў. З новым жыцьцём звыкся. А за гэты час дома маці памёрла, брат ажаніўся, толькі Гануля ўсё яшчэ чакала яго. Але не паехаў Рыгор дамоў: у Піцеры дворнікам служыць застаўся.

Вясёлы горад Піцер той! Народу процьма, дзіваў усялякіх ліку няма! Служба няцяжкая, — сыт заўсёды, адзет заўсёды, жыцьцё — дый толькі!

Дваццаць гадоў служыў Рыгор дворнікам у Піцеры, дваццаць гадоў раніцай і ўвечары падмятаў адну і тую-ж вуліцу, па адных і тых самых лесьвіцах[4] насіў дровы, у аднэй і тэй самай браме вартаваў начамі. Каля паноў усялякіх ходзячы, яшчэ больш павагі набраўся Рыгор.

А раз, як з таго самага сяла, з якога і Рыгор быў, прыехала адна дзяўчына да паноў на службу, то Рыгор розныя кепствы[5] падпускаў на яе гутарку і, хоць любіў з ёй гукаць аб сваёй старане, але шчыра сароміўся гутарыць з ёй пры людзях.

  1. Пецярбург, цяпер — Ленінград.
  2. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  3. Русіц. — зразумеў.
  4. Сходах.
  5. Жарты, насьмешкі.